Першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі прыйшла на інаўгурацыю 25 сакавіка ў жакеце ад Gucci. «Наша Ніва» высветліла яго прыкладны кошт.

Жакет зроблены з воўны і шоўку. Ён — са старой калекцыі Gucci, цяпер у краме брэнда яго ў наяўнасці няма.
Кошт жакета на сайце, дзе прадаюць карыстаную вопратку, складае 486 даляраў. Новы мог бы каштаваць у разы даражэй: стартавыя цэны на жакеты ад Gucci — ад 1500 даляраў, піша «Наша Ніва».

У лістападзе 2024 года Аляксандр Лукашэнка на абласных «Дажынках» у Клімавічах папракаў беларусаў, якія «рвуцца па Gucci, Versace і іншую гадасць».
— Сваё трэба насіць. Свае тканіны. У нас ёсць усё. Насіце сваё і прывучайце дзяцей да гэтага, — падкрэсліў Лукашэнка, гаворачы пра якасць і натуральнасць беларускіх вырабаў.