Бізнэсмена з Гродзеншчыны будуць судзіць за палітыку. Апошняе, што ён апублікаваў — відэа з адпачынку ў Грузіі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Віталя Пятрэнкі бізнэс у сферы будаўніцтва. Яго вінавацяць у «паклёпе на Лукашэнку» і «распальванні варожасці», паведамляе "Наша Ніва".

Віталь Пятрэнка. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»
Віталь Пятрэнка. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»

Віталю Пятрэнку 46 гадоў. Па звестках з сацсетак, ён родам з Гродзеншчыны, з вёскі Міратычы Карэліцкага раёна. У мужчыны ёсць жонка і дзіця.

Пасля школы ён пайшоў у Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум. З 1997 па 1999 гады служыў у войску, а пасля паступіў на гуманітарна-эканамічны факультэт у Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, які скончыў у 2004-м.

Віталь займаецца бізнэсам. Спачатку ён спецыялізаваўся на сэндвіч-панэлях для будаўніцтва дамоў. А з 2018 года ўзначальвае кампанію «Еўрапейскія будаўнічыя тэхналогіі».

Кампанія пастаўляе будаўнічыя матэрыялы на аб’екты будаўніцтва. У асноўным яны працавалі ў Гомелі — напрыклад, пастаўлялі дахавае крыццё для гандлёвага цэнтра «Бульвар», які знаходзіцца на гомельскім вакзале. Працаваў ён і з дзяржаўнымі фірмамі.

Невядома, калі Віталя затрымалі, але сацсеткі перасталі абнаўляцца ў сярэдзіне верасня 2024 года. Апошні ягоны апдэйт — відэа з адпачынку ў Грузіі. З таго часу Пятрэнка нідзе не анлайн.

Віталя Пятрэнку пачынаюць судзіць 10 сакавіка 2025 года ў Гродзенскім абласным судзе. Яго вінавацяць па двух артыкулах — «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Бізнэсмену пагражае да шасці гадоў калоніі.