Аляксандр Лукашэнка сёння, 16 чэрвеня, сабраў нараду па пытаннях удасканалення працы з кадрамі. Там ён цытаваў Сталіна, пагражаў кіраўніку сваёй адміністрацыі звальненнем і раскрытыкаваў кадравую працу, паведамляе яго прэс-служба.

«Найважнейшае пытанне мы сёння абмяркуем — кадры. Як казаў класік, яны вырашаюць усё. Гэта сапраўды так. Як бы ні спрабавалі апошнім часам замусоліць гэтыя словы, гэта — ісціна», — сказаў Лукашэнка. Адзначым, што класікам ён назваў Іосіфа Сталіна. Менавіта той сказаў «Кадры вырашаюць усё» ў траўні 1935 года на выпуску ваенных акадэмій.
Паводле словаў Лукашэнкі, у Беларусі выбудаваная стройная сістэма кіравання дзяржавай. Аднак ён незадаволены. «Калі вы ў мяне спытаеце, ці задаволены я выбудаванай сістэмай функцыянавання кадраў, адразу скажу: не», — сказаў палітык. Ён лічыць, што гэта перш за ўсё адносіцца да працы яго адміністрацыі.
Лукашэнка заўважыў, што для замацавання маладых спецыялістаў трэба выкарыстоўваць каласальны досвед савецкага перыяду і падыходы, выпрацаваныя на сучасным этапе. Таксама нагадаў, што ў кастрычніку мінулага года даручыў укараніць ад аблвыканкама да самага нізавога ўзроўню сістэму ўзгаднення кадравых перасоўванняў: «Але пакуль разваротлівасці відавочна не хапае. Аблвыканкамы не працуюць як след, не кантралююць на належным узроўні дзейнасць раённых і гарадскіх выканкамаў».

Прыгразіў звольніць за вяртанне на працу тых, хто правініўся, і ўспомніў, што сам іх узгадняе
Адзначыў Лукашэнка і тое, што яшчэ ў 2014 годзе была ўведзеная забарона працаўладкавання на кіраўнічыя пасады асобаў, звольненых раней па дыскрэдытавальных абставінах. Як яму далажылі, кантроль за гэтай працай наладжаны, хоць, як лічыць палітык, яшчэ ёсць над чым працаваць. «Баюся, што калі я, як па ахове здароўя, прайдуся па гэтым пытанні, то, Ігар Пятровіч (Сяргеенка, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі. — Заўв. рэд.), пачынаючы з вас і заканчваючы іншымі, многія з партфелямі расстануцца», — заўважыў Лукашэнка.
«Асобныя кіраўнікі пачынаюць либеральнічаць, расстаючыся з няўдалымі кіраўнікамі, мякка кажучы. Дадумаліся падмяняць падставы іх звальнення. Дазваляюць гора-начальнікам як нічога ніякага зноў „усплываць“ на адказных участках працы. Хочуць падавацца добрымі для ўсіх», — прывёў прыклады Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што сістэма работы з кадрамі вызначаная: ніхто не мае права без яго згоды прызначыць каго-небудзь са звольненых начальнікаў на новую кіраўнічую пасаду. І Лукашэнка такія рашэнні часам прымае. «Такіх выпадкаў было нямала. І нямала было ўзгоднена. Здавалася б, людзі працуюць нядрэнна. Але гэта трэба было вывучыць, каб даць ацэнку тым, хто хадайнічаў (у асноўным гэта губернатары)», — адзначыў ён.
«Гэта не дзяржаўны падыход, калі мы пачынаем займацца нейкім лібералізмам. Гэта кругавая парука. І адказнасць тут непасрэдная губернатараў і старшыняў гар-, райвыканкамаў», — дадаў палітык.