Турцыя дапамагала Беларусі і Расіі абыходзіць санкцыі: звесткі пра гэта знайшлі ў файлах Пентагона
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Турцыя дапамагала Беларусі і Расіі абыходзіць міжнародныя санкцыі і пастаўляць тавары ў Еўропу, а таксама абмяркоўвала з прадстаўнікамі ПВК Вагнера пастаўкі зброі. Інфармацыю пра гэта журналісты Беларускага расследніцкага цэнтра знайшлі ў дакументах амерыканскай разведкі, якія трапілі ў сеціва ў выніку ўцечкі з Пентагона.

Встреча Александра Лукашенко и Реджепа Тайипа Эрдогана в Анкаре 16 апреля 2019 года. Фото: пресс-служба Александра Лукашенко
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Анкары 16 красавіка 2019 года. Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

На адной са старонак гаворыцца, што турэцкія кампаніі восенню 2022-га закуплялі ў Беларусі падсанкцыйныя тавары і прадавалі іх у Еўропе. Зваротны працэс адбываўся з Расіяй. Улады Турцыі мусілі пра гэта ведаць.

«Гандлёвы аташэ Турцыі ў Беларусі ў кастрычніку і лістападзе 2022 года паведаміў, што турэцкія кампаніі закуплялі падсанкцыйныя тавары ў Беларусі і прадавалі іх на еўрапейскіх рынках, перапрадавалі тавары з Еўропы ў Расію», — паведамляецца ў дакуменце разведкі.

Для правядзення разлікаў у гэтай схеме выкарыстоўваліся пэўныя банкі, каб пазбегнуць залішняй увагі з боку Групы распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай (орган Еўракамісіі), якая раней унесла Турцыю ў спіс краін, якія знаходзяцца пад узмоцненым кантролем.

Таксама ў дакуменце Пентагона гаворыцца, што Турцыя фактычна была пасярэдніцай у расійска-ўкраінскай вайне, выступаючы на баку Масквы. Паводле звестак амерыканскага ведамства, у лютым 2023 года нейкія «турэцкія кантакты» сустракаліся з прадстаўнікамі ПВК Вагнера і абмяркоўвалі куплю для ПВК абсталявання і зброі з мэтай узмацніць групы расійскіх наймітаў ва Украіне і Малі. Але пра якую зброю ішла гаворка і ці адбылася ўгода, невядома.

БРЦ паведамляе, што журналісты выданняў Politico і The Washington Post, якія таксама атрымалі гэтыя дакументы, звярнуліся з просьбай пра каментар да ўладаў Турцыі, але там адмовіліся гаварыць на гэтую тэму. У прэс-службе заснавальніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына таксама каментароў не далі.

Чытайце таксама