Беларус ператварыў свой дом у плантацыю цюльпанаў і стаў зоркай TikTok. Карыстальнік з нікам Валянцін Пятровіч дзеліцца на сваёй старонцы ролікамі пра тое, як гадуе кветкі проста ў доме.

У новым відэа ён паказаў, як расце свежая партыя да свята, яго паглядзелі ўжо амаль пяць мільёнаў разоў.
Гадаваннем цюльпанаў у доме ён займаецца ўжо некалькі гадоў, але яго «рэпартажы з палёў» не страчваюць папулярнасці сярод карыстальнікаў, асабліва напярэдадні 8 сакавіка.
Уся яго гасцёўня запоўненая гаршкамі з кветкамі, таксама на кадрах відаць, што ён зрабіў там спецыяльнае асвятленне.
Тым часам падпісчыкі ў каментарах пачалі жартаваць з нагоды такога незвычайнага хобі.
«Я ж думаў, дзе цюльпаны бяруцца, а гэта ў Пятровіча на хаце расце», «Ты з’ехаў з кватэры, тым часам бацькі ў тваім пакоі», «Хлопчык: у мяне няма грошай на кветкі. Мужчына: няма грошай на кветкі, выгадую табе поле дома», — напісалі каментатары.
Некаторыя задаліся пытаннем пра іншы бок такога хобі і пацікавіліся, ці няма ў пакоі волкасці праз гэта. Аўтар роліка растлумачыў, што жыве ў прыватным доме, і запэўніў, што волкасці няма.