Працягваць аказваць ваенную дапамогу Украіне для ЗША выгадней з пункту гледжання як бяспекі, так і фінансавых выдаткаў. Як піша RTVi, такія разлікі прыводзіць Амерыканскі інстытут прадпрымальніцтва.

У новым годзе новай адміністрацыі і Кангрэсу ЗША давядзецца расстаўляць прыярытэты ў вырашэнні шматлікіх праблем, гаворыцца ў справаздачы. Адным з найважнейшых пытанняў стане тое, спыняць ці працягваць падтрымліваць Украіну. Эксперты мяркуюць, што, дапамагаючы Кіеву, ЗША «не даюць Расіі наўпрост пагражаць Усходняй і Цэнтральнай Еўропе», а таксама, «магчыма, стрымліваюць прамое супрацьстаянне паміж NATO і Масквой».
Паводле ацэнкі інстытута, у выпадку перамогі Расіі ва Украіне ЗША спатрэбіцца 808 млрд даляраў звыш запланаванага на пяць гадоў абароннага бюджэту. Гэтыя сродкі будуць патрэбныя ў тым ліку для нарошчвання абараназдольнасці і выканання абавязанняў ЗША перад NATO «ў новай, больш небяспечнай стратэгічнай абстаноўцы», гаворыцца ў справаздачы.
Эксперты таксама не выключаюць пачатку «новага канфлікту» ў еўрапейскім рэгіёне да 2030 года ў выпадку паразы Украіны.
Грунтуючыся на гэтым, у Амерыканскім інстытуце прадпрымальніцтва робяць выснову, што далейшая падтрымка Украіны — «выгадная ўгода для Амерыкі», якая «адпавядае інтарэсам бяспекі і фінансавым інтарэсам ЗША».