«Прынізілі ўсіх гасцей». Мінчанка паскардзілася, што рэстаран адмовіў ёй у абяцанай зніжцы з нестандартнай прычыны
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Мінчанка Марыя расказала ў Threads пра сітуацыю, якая адбылася з ёй і сяброўкамі ў рэстаране ў цэнтры горада. Паводле яе, ва ўстанове ім адмовіліся даць абяцаную дзённую зніжку, спаслаўшыся на наплыў наведнікаў з Расіі.

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: pixabay.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixabay.com

У каментарах дзяўчына ўдакладніла, што гаворка ідзе пра рэстаран «Хінкальня» на вуліцы Карла Маркса, 21. Яна адзначыла, што часта ходзіць туды абедаць і ведае, што днём дзейнічае зніжка 30% на ўсё меню. Аднак гэтым разам, калі яны з сяброўкамі прыйшлі ва ўстанову, зніжка ў рахунку ўлічаная не была.

На пытанне пра прычыну афіцыянт нібыта адказаў: «У нас яшчэ травеньскія, бо шмат рускіх (Беларусь традыцыйна стала адным з самых папулярных напрамкаў для расіян на травеньскія канікулы. — Заўв. рэд.). Зніжка пакуль не дзейнічае».

Марыя падкрэслівае, што пра часовую адмену акцыі загадзя ніхто не папярэдзіў — ні на ўваходзе, ні ў меню, хоць у Instagram рэстарана інфармацыя пра зніжку вісіць.

«Лічу гэта наплявальніцкім стаўленнем да гасцей. Турысты прыедуць і з’едуць. Круглы год выручку робяць пастаянныя госці, якім сёння паказалі, што яны для рэстарана не важныя», — напісала яна, падкрэсліўшы, што «пытанне не ў грашах, а ў стаўленні».

Марыя таксама лічыць, што «гэтай фразай зняважылі ўсіх гасцей: да адных ставяцца прыніжальна і па-спажывецку, як да нейкай дойнай каровы; іншых проста не лічаць за людзей».

У каментарах дзяўчыне прапанавалі патрабаваць кнігу скаргаў, а некаторыя заявілі, што ў прынцыпе незадаволеныя цяперашняй якасцю паслуг у Мінску:

«Сэрвіс і якасць ежы ў Мінску ўжо даўно праселі, і так будзе і далей. Я параўноўвала ўзровень у іншых гарадах і тут».