Мяшчанскі раённы суд Масквы падоўжыў тэрмін арышту коміку Арцемію Астаніну, затрыманаму ў Беларусі і абвінавачанаму ў распальванні нянавісці да ўдзельнікаў вайны ва Украіне, пра гэта ТАСС паведамілі ў судзе.

«Мяшчанскі раённы суд задаволіў хадайніцтва следчых органаў пра падаўжэнне абвінавачанаму Астаніну меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай», — гаворыцца ў паведамленні.
Астанін быў арыштаваны 19 сакавіка, абскардзіў гэтае рашэнне ў апеляцыі, але Масгарсуд не стаў змякчаць меру стрымання. Следства настойвае на яго ўтрыманні ў СІЗА, бо ён «мае шырокія сувязі ў творчых колах, можа паўплываць на яшчэ не выяўленых сведак па справе і ўцячы».
Што вядома пра Арцемія Астаніна?
На Арцемія Астаніна завялі крымінальную справу па артыкуле пра распальванне нянавісці, варожасці і прыніжэнне чалавечай годнасці (арт. 282 КК РФ). У прэс-рэлізе Следчага камітэта гаварылася, што Астанін на канцэрце 15 сакавіка ў Маскве агучваў «варожыя каментары ў адрас асоб, якія атрымалі калецтвы і страцілі працаздольнасць». Віны ён не прызнаў.
На коміка напісалі данос актывісты арганізацыі «Зов народа». Яны звярнулі ўвагу на жарт пра бязногага чалавека, які жабраваў у маскоўскім метро, і дапусцілі, што ногі той страціў на вайне ва Украіне.
Комік у размове з «Осторожно, новости» удакладніў, што гаворка ішла не пра ўдзельніка «спецыяльнай ваеннай аперацыі», а пра «жабрака ў метро, які катаецца без ног на скейце ўжо гадоў як 20».
Беларускі ГУБАЗіК затрымаў артыста ў нашай краіне 17 сакавіка — пасля таго як на яго завялі крымінальную справу, ён паспрабаваў з’ехаць з РФ.
Першапачаткова беларускія сілавікі выклалі фота Астаніна з дрэдамі, а пазней — ужо без іх і з мясасечкай на шыі. Так яго і перадалі расійскаму боку. Mash пазней пісаў, што Астанін «згаліў бараду і састрыг валасы» ў надзеі, што яго не пазнаюць, «але на беларускай мяжы яго ўсё роўна пазналі мясцовыя сілавікі і затрымалі».
Адвакатка затрыманага расійскага коміка паведаміла, што яго білі дубінкамі і катавалі токам беларускія сілавікі. Сцвярджалася, што мужчына мае патрэбу ў сур’ёзнай меддапамозе, бо ў выніку збіцця ў яго пашкоджаныя лёгкія і зламаны пазванок.
Пасля таго як коміка вярнулі ў Расію, ён прасіў следчыя органы РФ правесці праверку па факце яго збіцця беларускімі сілавікамі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўлады роднай краіны яго не чапалі, фізічнай сілы не ўжывалі, у гэтым плане ён прэтэнзій не мае.
Намеснік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч абверг гвалт з боку сваіх супрацоўнікаў.
Чытайце таксама