Ляп нават на вокладцы. Мама шасцікласніка абурылася падручнікам біялогіі на беларускай — там памылкі на кожнай старонцы
Читать по-русски


У Беларусі выпусцілі падручнік біялогіі для шасцікласнікаў на беларускай мове, які ўтрымлівае грубыя памылкі практычна на кожнай старонцы і нават на вокладцы. Пра гэта напісала у сацсетках актывістка і мама школьніка Кацярына Варажун, якая падкрэсліла ляпы чырвоным. А «Наша Ніва» разабралася, што гэта за падручнік і хто яго аўтары.

Школьнік з падручнікам. Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

«Гэта падручнік па біялогіі за 6 клас для школ з беларускай мовай навучання!» — напісала Кацярына і вылучыла няправільна напісаныя словы чырвоным.

На яе думку, ляпы ўзяліся ў падручніку праз тое, што складальнікі прагналі тэкст праз Google-перакладчык і не праверылі вынік на пісьменнасць.

Аўтар падручніка — біёлаг, кандыдат біялагічных навук Мікалай Лісаў, загадчык кафедры батанікі і асноваў сельскай гаспадаркі БДПУ імя М. Танка. Кніга выйшла ў 2021 годзе ў профільным выдавецтве «Народная асвета».

Старонка падручніка біялогіі для шостага класа школ з беларускай мовай навучання. Чырвоным вылучаныя памылкі. Фота: X / @Ka_Varazhun
1 из 5
Старонка падручніка біялогіі для шостага класа школ з беларускай мовай навучання. Чырвоным вылучаныя памылкі. Фота: X / @Ka_Varazhun

Памылак у тэксце выявілася мноства: «фарбуючы» замест «фарбавальны», «густ» замест «смак», «челавек» замест «чалавек», «прыгатаваць» замест «падрыхтаваць», «мелкія» замест «дробныя», «смоўжы» замест «смаўжы», «экскрыментамі» замест «экскрэментамі», «эфіёпскі» замест «эфіопскі», «дзінга» замест «дынга», «мядзведзяняты і вавёрчаняты» замест «медзведзяняты і ваверчаняты» і г. д.

У некаторых словах зніклі літары і знакі (ін[ш]ы, Белару[с]ь), а ў іншых дададзеныя лішнія (шчаў'я).

Памылка знайшлася нават на вокладцы падручніка. На ёй аўтарам пазначаны Н. Д. Лісаў, але паколькі па-беларуску імя «Николай» гучыць «Мікалай», то мусіць быць М. Д. Лісаў. Варыянту «Нікалай» Міністэрства адукацыі не ўзаконьвала.

Обложка учебника по биологии для шестого класса школ с белорусским языком обучения. Красным выделена ошибка. Фото: "Наша Ніва"
Вокладка падручніка біялогіі для шостага класа школ з беларускай мовай навучання. Чырвоным вылучаная памылка. Фота: «Наша Ніва»

Карэктараў падручніка двое — А. П. Тхір і Г. У. Алешка, перакладчыца — Таццяна Юдчыц, якая выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі.

Раней яна, біёлаг па адукацыі, была настаўніцай рускамоўнай сярэдняй школы № 32 г. Мінска. На парламенцкіх выбарах у 2016-м уваходзіла ў склад участковай камісіі. У 2018-м уладкавалася на СТБ — спецыяльным рэдактарам навінавага аддзела службы інфармацыйнага вяшчання, а ў 2020-м звольнілася адтуль. З 2021-га да 2023-га была рэдактарам выдавецтва «Народная асвета».

Кацярына Варажун напісала, што рыхтуе ліст у Міністэрства адукацыі — паводле яе словаў, памылкі ёсць не толькі ў падручніку па біялогіі, але і па інфарматыцы, гісторыі старажытнага свету і прадмеце «Чалавек і свет».

Нагадаем, нядаўна Генпракуратура праверыла школьныя падручнікі і дапаможнікі і высветліла, што яны перагружаныя інфармацыяй, утрымліваюць памылкі друку і памылкі. У ведамстве патлумачылі гэта тым, што іх аўтары не з’яўляюцца школьнымі педагогамі, і запатрабавалі адкарэктаваць кнігі.

Чытайце таксама