Праз амаль два месяцы пасля знікнення экс-спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай «Кіберпартызаны» заявілі, што на яе рахунак перавялі 150 тысяч даляраў фонду Białoruś Liberty, які заснавала сама Мельнікава. З гэтых грошай 107 тысяч даляраў прызначаліся для КР. «Люстэрка» спытала ў выканаўцы абавязкаў спікеркі Станіславы Гліннік, што будуць рабіць у арганізацыі, каб такое не паўтарылася.

Як расказала Станіслава, яшчэ ў красавіку ў Каардынацыйнай радзе стварылі працоўную групу. Яе мэта — прапанаваць варыянты, каб не дапусціць паўтарэння сітуацыі, калі ўсе фінансы арганізацыі кантралююцца адным чалавекам. Але пакуль усё на стадыі абмеркавання, адзначае яна.
— У працоўную групу ў тым ліку ўваходзім мы з Арцёмам Бруханам (намеснік кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, адзін з кандыдатаў на пасаду спікера КР. — Заўв. рэд.), — кажа Гліннік. — Мы абмяркоўвалі гэта паміж сабой, але яшчэ не прэзентавалі ўсёй КР. Спачатку трэба вызначыцца са спікерам, ён патрэбны для прыняцця рашэнняў.
У каментары «Люстэрку» 12 траўня Станіслава расказвала, што ў арганізацыі плануюць ствараць уласную юрыдычную асобу. Раней Арцём Брухан казаў пра магчымы фармат асацыяцыі, у якую ўвойдуць усе чальцы КР.
— Форма асацыяцыі самая аптымальная з улікам нашага пераменлівага складу, — лічыць Станіслава Гліннік. — Я б бачыла так: ёсць спікер і віцэ-спікер, яны кіруюць асацыяцыяй, лідары фракцый — назіральная рада, чальцы КР — чальцы асацыяцыі. Ну і падсправаздачнасць для ўсіх чальцоў асацыяцыі. Пры такім раскладзе чальцы КР могуць мяняць назіральны орган, а назіральны орган — кіраўніцтва. Але паўтаруся, гэта пакуль маё бачанне, нікім не зацверджанае.
Як мяркуе суразмоўніца, дэталёвае абмеркаванне стварэння юрыдычнай асобы пачнецца ўжо пасля выбараў спікера Каардынацыйнай рады, якія маюць адбыцца 13 траўня.
Нагадаем, 12 сакавіка «Кіберпартызаны» заявілі, што аднавілі кантроль над фондам Białoruś Liberty, якім кіравала зніклая экс-спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. З лютага да сакавіка 2025 года на яе асабісты рахунак вывелі больш за 150 тысяч даляраў. Апошняя транзакцыя была 24 сакавіка, а 25-га спікерка КР перастала выходзіць на сувязь.
Чытайце таксама