Аляксандр Лукашэнка 10 сакавіка прызначыў новага старшыню праўлення Нацыянальнага банка і агучыў прозвішча прэм’ер-міністра. Пра гэта паведамілі ў яго прэс-службе.

«У Беларусі новы кіраўнік Нацбанка! <…> Новае пакаленне, як было абяцана, сёння кіруе краінай», — гаворыцца ў апублікаваным паведамленні.
Новым старшынёй праўлення Нацбанка стаў Раман Галоўчанка, які раней быў прэм’ер-міністрам. Крэсла кіраўніка ўрада заняў экс-старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.
Аляксандр Турчын нарадзіўся ў Навагрудку ў 1975 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі.
Працаваў дырэктарам крамы калгаса, падатковым інспектарам, рэвізорам, начальнікам фінаддзела Карэліцкага райвыканкама Гродзенскай вобласці, намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама.
У 2010 годзе Турчына перавялі на пасаду старшыні камітэта эканомікі Мінаблвыканкама, праз два гады — намесніка старшыні аблвыканкама. З 2015-га да 2016 года быў памочнікам Лукашэнкі па Гомельскай вобласці.
У 2016 годзе Турчына прызначылі кіраўніком апарата Савета міністраў, а праз два гады перавялі на пасаду першага намесніка прэм’ер-міністра.
У 2019 годзе Турчын узначаліў Мінскі аблвыканкам.
Акрамя таго Аляксандр Лукашэнка прызначыў Руслана Пархамовіча сваім памочнікам па Гомельскай вобласці. Раней той быў міністрам архітэктуры і будаўніцтва.
Пасаду кіраўніка Мінбудархітэктуры на мінулым тыдні заняў экс-старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў. Тады ж вызвалілася і крэсла памочніка Лукашэнкі па Гомельскай вобласці — Юрыя Горлава, які займаў гэтую пасаду, прызначылі міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання.
Павел Калаўр узначаліў Нацбанк у канцы 2014 года, змяніўшы на гэтай пасадзе Надзею Ермакову. Ён выгадна адрозніваўся ад двух сваіх папярэднікаў як мінімум тым, што не рабіў гучных заяваў у духу «сёлета дэвальвацыі не будзе», пасля якіх беларусы, навучаныя досведам, звычайна беглі ў абменнікі. Але пры цяперашняй палітычнай сістэме складана было чакаць поўнай самастойнасці рэгулятара і ўстойлівых дасягненняў.
Раман Галоўчанка кіраўніком урада стаў у чэрвені 2020 года. На гэтай пасадзе ён змяніў Сяргея Румаса. У жніўні 2020 года кабінет Галоўчанкі быў адпраўлены ў адстаўку пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў. 19 жніўня 2020 года ўказам Лукашэнкі ён быў зноў прызначаны прэм’ер-міністрам. 2 кастрычніка 2020 года Палата прадстаўнікоў зацвердзіла Галоўчанку на пасадзе прэм’ера.
Чытайце таксама